Уладзíмір Каратке́віч - Гісто́рыя з пе́ршым каха́ннем
Шча́сце было́е ўяўля́ю
Дзяўчы́нкаю па вясне́.
Загарэ́лая, ке́мная, зла́я,
Дражнíла яна́ мяне́.
Па́мятаю, год у шасна́ццаць,
Дурны́ ад каха́ння і мук,
Це́раз плот я глядзе́ў на шча́сце,
Раманты́чны, цыба́ты хлапчу́к.
А шча́сце гуля́ла ў са́дзе,
Апра́нутае ў парка́ль,
Сабе́ і пту́шкам на ра́дасць,
А мне на сму́так і жаль.
Разя́віўшы рот, як варо́на,
Гляджу́ я ў дзіво́сным сне
На шча́сце, што са́дам зялёным
Ідзе́ бліжэ́й да мяне́.
Ува́жна за мно́ю со́чыць,
І со́ладка, як салаве́й,
Про́сіць заплю́шчыць во́чы,
І гла́дзіць па галаве́.
Раско́шы цэ́лыя рэ́кі
Ў сэ́рца маё плыву́ць,
Мо́цна сціска́ю паве́кі,
Чака́ю... Не́льга ўздыхну́ць...
А дзяўчы́на з вачы́ма блакíтнымі
Сусе́ду, дурно́му, як бот,
Адува́нчык ты́цнула спры́тна
Ў шыро́кі, як сту́па, рот.