Шукай
Нашапчы мне на вуха
сваю псеўда-навуку,
нашапчы.
У забытым завулку
нас з табою завуць
да шыпшын.
Два кароткія цені,
нібы сны-летуценні
зімы.
Як маўклівае гета,
толькі помні, што гэта
не мы.
Шукай мяне, гукай мяне,
як клічуць сонца па вясне,
і рэкі ўсе выходзяць з берагоў.
Знайдзі мяне, згубі мяне
на яве, альбо толькі ў сне,
хавай мяне ў цяпло сваіх снягоў.
Асцярожна і ціха
жыць, як дыхаць, і дыхаць,
як жыць.
Хто бяжыць, не саб'ецца,
толькі слухай, як сэрца
дрыжыць.
Невядомае гора
ўздымаецца з горных
вышынь.
І да самых аблокаў
ахінае аблога
душы.
Шукай мяне, гукай мяне,
як клічуць сонца па вясне,
і рэкі ўсе выходзяць з берагоў.
Знайдзі мяне, згубі мяне
на яве, альбо толькі ў сне,
хавай мяне ў цяпло сваіх снягоў.