1. Ой ты віно - гаркота,
Піў бы, каб не лянота,
Толькі я не зляную
Чарыцу зеляную!
Раз ды разок з разочкам -
Чарка пайшла кружочкам...
Раз ды разок,
Чок-чок-чок-чок,
Чарыца ходзіць кружочкам!
2. Ой ты любоў - ламота,
Млеў бы, каб не лянота,
Толькі я не зляную
Дзеўчыну маладую!
Раз ды разок з разочкам -
Ды пад бачок на ночку...
Раз ды разок,
Ды пад бачок,
Ды пад бачок на ўсю ночку!
3. Ой ты жыццё - маркота,
Жыў бы, каб не лянота,
Толькі я не зляную
Маці-зямлю сырую!
Раз ды разок з разочкам -
Вырасту васілёчкам...
Раз ды разок,
Сінь васілёк
Ціха празвоніць званочкам...
4. Толькі я не зляную
Чарыцу зеляную,
Дзеўчыну маладую,
Маці-зямлю сырую!
У распісным вазочку
Дням пралятаць і ночкам!
Раз ды разок,
Чок-чок-чок-чок,
Чарыца ходзіць кружочкам!
Раз ды разок,
Ды пад бачок,
Ды пад бачок на ўсю ночку!